ГЛЫБО́ЦКІ РАЁН,
на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 50,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Глыбокае, г.п. Падсвілле, 538 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Падсвільскі пасялковы Савет і 12 сельсаветаў: Абрубскі, Азярэцкі, Галубіцкі, Залескі, Зябкаўскі, Карабоўскі, Ломашаўскі, Пліскі, Празароцкі, Псуеўскі, Удзелаўскі, Узрэцкі.
Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—170 м (агульны нахіл тэр. з Пд на Пн); у цэнтр. ч. і на Пд узвышаная — з ПдЗ на ПнУ цягнуцца Свянцянскія грады. На Пн і ПнЗ Дзісенская нізіна, на ПнУ заходзіць Верхнебярэзінская нізіна. Найвыш. пункт 226,4 м (каля в. Кавалі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,1°C, ліп. 17,6°C. Ападкаў 599 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 сут. Па тэр. раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў (рэкі Зах. Дзвіна і Дняпро). Асн. рэкі Бярозаўка з Дабрылаўкай Мнюта, Авута, Шоша з Чысцянкай. У раёне 57 азёр агульнай пл. 33,9 км² (2% тэр. раёна), найб. азёры: Шо, Пліса, Доўгае (самае глыбокае на Беларусі, глыб. 53,6 м), Царкавішча. Глебы: дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя. Пад балотамі 26,4 тыс. га, асн. балотныя масівы — Асовіны, Скураты, Кур’янава, Барысаўка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: гідралагічныя Белае і Доўгае, ландшафтна-геал.-геамарфалагічныя — лагчынныя катлавіны азёр Доўгае і Псуя, Аўцкая ледавіковая лагчына і Сетаўская сешча. Заказнікі мясц. значэння ландшафтныя: Пліскі камавы масіў і Малінаўшчынскія пагоркі. Дзярж. геал. і геамарфалагічныя помнікі прыроды: Вялікі камень Бортніцкі, Вялікі камень Пліскі (2), Вялікі камень Пліскі (3), Вялікі камень Старынаўскі, Габрусёў камень Шунеўскі, Галубінскае пінга, Горкінскі оз, Камень з рыбкамі Багушэвіцкі, Мосарскі камоід, Чортаў камень Вялецкі. Помнікі прыроды мясц. значэння: Вялікі камень Давідкаўскі, Вялікі камень Пліскі з групай валуноў, Гарвацкі кам, Дэндралагічны сад (1,5 км ад г. Глыбокае), Зябкінскі пагорак, Кавалёўская гара, Камень Галубіцкі, Камень Прошкаўскі, Камень Прыпернаўскі, Мядзведкаўскі оз.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 96,6 тыс. га, з іх асушаных 27,3 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 21 калгас, 6 саўгасаў, 56 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці, першаснай перапрацоўкі лёну; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Полацк, Крулеўшчына—Варапаева, аўтадарогі Полацк—Вільня (Літва), Докшыцы—Глыбокае—Шаркаўшчына, Глыбокае—Дзісна і інш. У раёне 21 сярэдняя, 18 базавых і 5 пач. школ, школа мастацтваў, 29 дашкольных устаноў, 45 клубаў, 65 б-к, 5 бальніц, 26 фельч.-ак. пунктаў, 7 амбулаторый, паліклініка. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Азерцы, царква Іаана Прадцечы (канец 19 ст.) у в. Бабруйшчына, Міхайлаўская царква (1916) у в. Верхняе, царква (18 ст.) у в. Вялец, касцёл (19 ст.) у в. Дзеркаўшчына, Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Забор’е, касцёл Багародзіцы Міласцівай (1910) у в. Задарожжа, сядзіба (19 ст.) і Свята-Пакроўская царква (1760) у в. Залессе, Успенская царква (1748) са званіцай (1774) у в. Кавалі, каменны крыж на «галодным могільніку» (18 ст.) у в. Кішы, царква (18 ст., да 1866 касцёл) у в. Мамаі, касцёл Ганны (1792) у в. Мосар, царква Ушэсця (1863) у в. Парэчча, царква св. Параскевы (1880) у в. Пліса, касцёл Маці Божай (1907) і Петрапаўлаўская царква (1909) у в. Празарокі, касцёл Іаана (канец 19 ст.) у в. Прошкава, касцёл францысканцаў (1740) у в. Удзела, царква Параскевы (1887) у в. Чарневічы. Выдаецца газ. «Веснік Глыбоччыны».
Г.С.Смалякоў.
т. 5, с. 308